Чаму ж нас, прыблудных, так не любяць?
Нам, эмігрантам, удалося тое, пра што
спрадвеку  мараць людзі, зайздросцячы птушкам.
Мы перамаглі зямное прыцягненне
і, вобразна кажучы, атрымалі крылы.
Ахмед Салман Рушдзі, “Сорам”, (1983)

Некалькі месяцаў таму я гасціла ў сяброў Стакгольме. Гэта быў мой першы візіт у Швецыю, і ў вочы адразу кінулася неверагодная розніца паміж людзьмі на вуліцы: прыкладна аднолькавая колькасць блакітнавокіх шведаў-бландзінаў, смуглых арабаў і ўсіх магчымых колераў скуры і вачэй паміж імі.

З навінаў і расказаў я заўсёды чула, што насельніцтва старой Еўропы не вельмі вітае імігрантаў, але вось я ў цэнтры натоўпу спакойных і прыветлівых людзей, якія з усмешкай саступаюць адзін аднаму месца ў транспарце, не гледзячы на этнічную прыналежнасць. Вяршыняй майго здзіўлення стала размова маёй сяброўкі з жабраком у метро, якому стала цікава, з якой я краіны.

Значыць не толькі нацыянальнасць не мае значэння, нават твой знешні выгляд і сацыяльны статус не робяць ніякай розніцы для іншых: павага да чалавека з’яўляецца нормай адносінаў па змаўчанні. І гэта не адзінкавы выпадак, гэта менталітэт цэлага грамадства, афіцыйная ідэалогія.

Немагчыма, фенаменальна, неверагодна!

Для мяне, карэннай беларускі, ксенафобія стала такой жа прывычнай з’явай, як хмурныя прадавачкі або сусед, які паліць у пад’ездзе. Непрыемна, але ж гэта людзі, іх не зменіш. І тут перад маімі вачыма ілюстрацыя таго, што грамадства ўсеагульнай роўнасці – гэта рэальнасць, а не мара адарваных ад жыцця рамантыкаў.

Нацыянальная нянавісць – толькі адзін з аспектаў ксенафобіі, але ж няма вялікай розніцы паміж дыскрымінацыяй па этнічнай прыналежнасці або сэксуальнай арыентацыі: праз адну з характарыстык чалавека яму прыпісваюць шмат іншых, не намагаючыся дакапацца да сапраўднай сутнасці.

Нашае грамадства поўніцца стэрэатыпамі, рэчавымі і паводніцкімі клішэ, якія заганяюць нашае мысленне ў рамкі, вызначаюць за нас, што правільна, а што – не.

“У Расеі жывуць адны алкаголікі, а ў Эўропе — геі”
“Мусульмане агрэсіўныя, а крышнаіты з’ехаўшыя з глузду”
“Выйшла замуж у 18 – дура, не выйшла ў 30 – старая дзева”
“Амерыканцы тупыя, так Задорнаў казаў”

Гэтыя і шматлікія іншыя шаблоны сядзяць у галовах людзей, якія жывуць у ксенафобным грамадстве. Клапатліва ўкладзеныя ў свядомасць з экранаў тэлевізараў і палітычных трыбун, яны робяць розніцу паміж намі не цудам прыроды, а прычынай пагарды, нянавісці і канфліктаў.

Існаванне такіх шаблонаў можна патлумачыць ва ўмовах існавання знешняга ворага, калі салдаты ідуць забіваць. Забіць чалавека цяжка, а ватніка ці ўкропа ўжо прасцей. Але сёння ксенафобію значна часцей можна бачыць у недэмакрытычных дзяржавах, дзе асноўная мэта ўраду – захаваць уладу, і існуе рэальная або надуманая небяспека для яе. Панікуючы ўрад перанакіроўвае агрэсію народа на нейкага ўнутранага ворага, якога абвінавачваюць ва усіх праблемах грамадства.

Нацыяналістычныя ідэі пры пэўных умовах могуць мець поспех у любым грамадстве, бо чалавеку прыемна адчуваць сабе лепшым за іншых. Да таго ж гэта значна прасцей, чым гадаваць паважлівае стаўленне да кожнага чалавека і прывычку ацэньваць іншых выключна па справах. Але ж якія перспектывы ў дзяржавы, якая абярэ гэты шлях!

Ветлівасць як норма адносін да іншага.

Калі з дзяцінства ўкладваць дзеткам думку, што ўсе людзі вартыя паважлівых адносін, яны будуць і ў сталым узросце ставіцца да людзей з ветлівай цікавасцю, таму што твой выпадковы сусед у метро можа папросту апынуцца вядомым мастаком або дэпутатам. Маральны клімат у краіне будзе паляпшацца, нават колькасць ДТЗ зменшыцца: прапускаць пешаходаў і іншых кіроўцаў стане культурным патэрнам.

Павышаецца і ўзровень задаволенасці жыццём: ветлівыя адносіны захоўваюцца і на працы, і дома, і ў грамадскім месцах; куды б ты ні пайшоў, усюды ўсмешкі J Атмасфера матывуе цябе расці ў кожнай сферы жыцця.

Рост навуковага патэнцыялу.

Сацыёлагі сходзяцца ў меркаванні, што не трэба чакаць адзінай культуры свету ў наступныя некалькі стагоддзяў. Свет застанецца месцам, дзе суіснуюць розныя ментальнасці, шаблоны паводзінаў і мыслення. І калі кожнай культурнай групе даецца магчымасць праявіць сабе, а супрацоўніцтва розных груп падтрымліваецца, то пачынаецца сінергетычнае ўзаемадзеянне, з якога нараджаюцца прынцыпова новыя рашэнні.

Грамадства ўдзельнічае ў жыцці дзяржавы.

Людзі, якія паважаюць сабе і бліжніх, не могуць заставацца ў баку ад дзяржаўнай дзейнасці. На любую несправядлівасць яны неадкладна рэагуюць: яны ведаюць, што вартыя жыць без страху за сябе, сваю сям’ю і сяброў.

Невыпадкова, што ўдзельнікі маршаў падтрымкі ахвяраў тэракту ў “Шарлі Хебдо” трымалі плакаты “Мы не баімся”, а не “Прэч мусульман!”. Гэта ментальнасць свабодных і разумных людзей, якія хочуць жыць у міры з іншымі, выказваць сваю пазіцыю і даваць магчымасць выказаць супрацьлеглую. Увогуле гэтая акцыя паказала еўрапейцаў як эталонную культуру: без ганенняў на нязгодных і звыш-талерантнасці.

Якасць – галоўная рыса прадукцыі.

У грамадстве, дзе чалавек сам па сабе з’яўляецца каштоўнасцю, не трэба пакупаць брэндавыя рэчы, каб даказаць свой статус. Сяброўскія ці прафесійныя колы ствараюцца па якасцях, інтарэсах і прафесійных навыках, а любыя рэчыўныя атрыбуты становяцца другаснымі. Такім чынам, тэмпы спажывецкай актыўнасці зніжаюцца, людзі ўважліва ставяцца да свайго выбару і выбіраюць рэчы па якасці. Гэта дыктуецца простай павагай да сябе.

Неканкурэнтаздольныя прадпрыемствы пакідаюць рынак, а тыя, што засталіся, намагаюцца даводзіць свой тавар да дасканаласці. Зразумела, што на кожную групу тавараў ёсць розныя цэнавыя сегменты, але можна быць ўпэўненым, што рэч апраўдае свой кошт, іначай у наступны раз яе проста ніхто не купіць.

Гэта далёка не поўны спіс пазітыўных рысаў мульцікультурнага грамадства, але самае важнае, што сапраўдная талерантнасць дзяржавы не можа нашкодзіць: шчырасць урада з народам і ўзаемная павага – адзіная правільная палітыка, нічога лепей пакуль не прыдумалі.

Аляксандра, 21 год
Участник конкурса эссе «Мультикультурализм как государственная политика: прорыв или провал?»

Мнение организации может не совпадать с мнением автора текста.

Pin It on Pinterest