Як дзяўчыну, якая займаецца абаронай правой студэнтаў, заканчвае Акадэмію кіравання пры прэзідэнце з сярэднім балам 9.18 на папярэднім размеркаванні вымусілі ісці апошняй, даведаўшыся, што яна не прагаласавала на мясцовых выбарах.

«Мне патэлілі з дэканата і спыталі: «Чаму вы не галасавалі?»

Марына Штрахава, сама з’яўляючыся студэнткай, не адзін год ужо сябра Студэнцкай Рады і займаецца абаронай правоў студэнтаў. Як апынулася, нават сама яна зусім не застрахаваная. Магчыма, нават наадварот.

На датэрміновых выбарах у інтэрнаце, дзе жыве Марына, камендант запісвала, хто калі будзе галасаваць. Яе, зарэгістраваную ў навучальным корпусе, не пыталі і запрашэнне на выбары таксама не прыйшло.

У дзень выбараў, Марына ў пошуках свайго ўчастка наведала два чужыя, не датэлілася старасце і нічога не знайшла праз сеціва, пасля паехала па сваіх справах. «А ў панядзелак мне патэлілі з дэканата і спыталі, чаму гэта вы не галасавалі?» – кажа яна.

Прапанавалі «падумаць» і зайсці пасля ўсіх

На папярэдняе размеркаванне, якое было ў аўторак, ішла насцярожыўшыся і запісвала ўсе размовы там. «Мяне прадставілі: добрая студэнтка, 9.18 сярэдні бал, шмат дзе ўдзельнічала, ёсць індывідуальная заяўка… і гэта ўсё. Першае, што спытаўся ў мяне старшыня камісіі: «А вы ўдзельнічалі ў грамадска-палітычнай падзеі ў нядзелю?»

Пасля размовы пра выбары Марыне прапанавалі пакінуць кабінет «падумаць» і зайсці пасля ўсіх, 53яй, а не 9ай па ліку.

У другі заход спыталі, ці не змянілася яе пазіцыя:

«Я не магу змяніць факта, які адбыўся». Старшыня камісіі адказвае: «Вы не падумайце толькі, гэта не адносіцца да вашага размеркавання… Так! Не будзем ладзіць дэбатаў. Жадаеце – можаце гэта нават запісаць там, дзе вы пішаце!»

Гутарка працягвалася хвілін 10, пасля чаго паведамілі, што індывідуальную заяўку не прымуць: фармальна спачатку мусяць задаволіць заяўкі ад базавых арганізацый, да таго ж, маўляў, студэнтка не праходзіла там практыку і дамовы аб супрацы з установай у ВНУ таксама няма.

Месца размеркавання – хадзіць выбіваць з людзей грошы

Да размеркавання Марына схадзіла на сумоўе ў адзін з каледжаўМінска, дзе яна была б адзіным юрыст-консультам, да таго ж, як юрыст, мела б усе магчымыя кірункі працы. Уладкоўвацца мусіла праз пару дзён пасля папярэдняга размеркавання.

Месца, якое атрымала ва ўніверы – судовы выканаўца.

«Атрымалася, што мяне і пажурылі, і пусцілі апошняй, але пакінулі ў Мінску.

Судовы выканаўца – гэта хадзіць выбіваць з людзей грошы, рэдка з інтэлігентных, якія забыліся заплаціць. Часцей за ўсё яны не збіраліся і не збяруцца. Наўрадці студэнт юрфака марыць пра такое».

«Усе размеркаваліся так, як хацелі»

Да гэтага дэкан меў размову з кожным, падчас яе і паведаміў Марыне, што яе заяўку прымуць: рэйтынг у студэнткі высокі, а арганізацыя дзяржаўная – чаму б і не?

«Размяркоўваць студэнта, які адзін з лепшых на спецыяльнасці апошнім? Я пяць год вучылася, і вучылася добра, – распавядае Марына. – Усе размеркаваліся, як хацелі, і адзіным чалавекам, у якога ўзніклі праблемы, зрабілася я. Да гэтага мяне ніхто не чапаў».

«Займаючыся абаронай правоў студэнтаў, я не магу сама маўчаць»

— А нельга было сказаць «Не, я нікуды не выйду»?

— Напэўна, можна было і нават трэба, але я не чакала такога. Разгубілася:  перада мной сядзіць дэкан, старшыня камісіі, выкладчыкі, прадстаўнікі  пракуратуры і следчага камітэту – шмат людзей, якія ведаюць нормы права… і ніяк не рэагуюць на гэта.

— І што збіраешся рабіць?

— Паступаць у магістратуру.

Яшчэ я напісала зварот у Міністэрства адукацыі з запытам, чаму са мной размаўляюць не пра тое, што трэба, і размяркоўваюць апошняй; у пракуратуру – папужаць; і ў Цэнтральную выбарчую камісію – чаму перадаюць спісы выбаршчыкаў на месца вучобы. Адправіла лісты на наступны дзень пасля папярэдняга размеркавання.

— Як лічыш, спрацуе?

— Не ведаю. Але звычайна Мінадукацыі дае адэкватныя адказы на звароты.

— Чаму ж шавец апынуўся без ботаў?

— Так заўсёды бывае. За сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю ў нашым грамадстве даводзіцца плаціць. Хто чым.

Займаючыся абаронай правоў студэнтаў, я не магу сама маўчаць, гэта было б нячэсна. Зламаць сістэму вельмі складана, нават, напэўна, немагчыма, але прыцягваць увагу трэба. Калі пра гэта не кажаш – значыць, гэтага няма.

А калі пачынаеш казаць – некаму робіцца няўтульна. Людзі разумеюць, што робяць няправільна. Зазвычай  найбольшая праблема, калі парушаюцца правы: ўсе маўчаць, ім страшна, што будзе горш.

Каментарый праваабаронцы: «Адбылося парушэнне канстытуцыйных правоў»

8DBA8578-52B6-46C9-8EE5-6DB10D0DC10F_mw1024_n_s-288x216Паводле Валянціна Стэфановіча з праваабарончы цэнтр «Вясна», заканамерна, што перавагу ў выпадку Марыны аддалі базавай арганізацыі – паводле п. 12 адпаведнага палажэння заяўкі базавых арганізацый задавольваюцца першымі.

Што тычыцца парадку размеркавання, то ён рэгулюецца як гэтым жа Палажэннем, так і адпаведным унутраным дакументам ВНУ. У Палажэнні ў п. 14 напісана, што рашэнне камісіяй прымаецца з улікам шэрагу абставінаў, у тым ліку паспяваемасці, удзелу ў навукова-даследчай дзейнасці, грамадскай дзейнасці і г.д.

Тым не менш размеркаванне наагул у «Вясне» расцэньваюць «як прымусовую працу ў прынцыпе (пад пагрозай санкцыяй за адмову ад яе). Да таго ж шмат фактаў, калі размеркаванне выкарыстоўваецца ў дэскрымінацыйным ключы, з-за грамадскай ці палітычнай актыўнасці студэнта», – кажа Валянцін.

Таксама ў дадзеным выпадку адбылося парушэнне канстытуцыйных правоў:  «Выбары носяць добраахвотны характар і ніхо не мае прва змушаць да ўдзелу/не ўдзелу ў галасаванні. Гэта яшчэ раз падкрэслівае сутнасць г.зв. датэрміновага галасавання ў нашай краіне. Мяркую, што дадзенае рашэнне аб размеркаванні трэба абскардзіць у Міністэрства адукацыі, а ў выпадку ў адмове ў здавальненні – ў суд».

Чым скончылася гэта гісторыя, чытайце ў наступных артыкулах.

 Крыніца: ampby.org

Pin It on Pinterest