obrazovanie

Як звязаныя цэнзура ў сістэме адукацыі і жаданне моладзі атрымаць веды, чаму ў студэнтаў не павінна быць падручнікаў, а таксама пра тое, як мы засталіся ў 94-м годзе, распавядаюць былы выкладчык гісторыі Аляксей Братачкін і выкладчыца філасофіі Вольга Шпарага.

Сённяшняя сістэма адукацыі прыстасаваная пад 1994 год

Пра гуманітарную частку адукацыі распавядае экс-выкладчык гісторыі Аляксей Братачкін, які працаваў у беларускай сістэме адукацыі з 1996 году, у ВНУ – з 1999 па 2014.

bratochkin

Ці змяніўся партрэт студэнта за той час, які вы працавалі ў ВНУ?

Ёсць змены, якія заўважылі ўсе – і яны звязаныя з характарам вышэйшай адукацыі. Яна зрабілася масавай, і ў беларускіх умовах гэта справакавала пагаршэнне якасці.

Яшчэ адзін момант – рэзка павялічылася колькасць платных студэнтаў у дзяржаўных ВНУ і змянілася стаўленне да платнай адукацыі. Раней там навучаліся тыя, хто не дабраў балаў, а цяпер – розныя студэнты. Платная адукацыя не так дэманізаваная, як раней, да яе ставяцца інструментальна: гэта спосаб пазбегнуць размеркавання, атрымаць адукацыю, якая падабаецца.

Таксама людзі сталі менш баяцца ад’езду, і павялічылася колькасць тых, хто выязджае за межы Беларусі.

Людзі дыстанцыруюцца ад палітычнай актыўнасці

Некаторыя абітурыенты ставяцца да адукацыі як да каштоўнасці, для іх гэта спосаб сацыяльнай мабільнасці. Але агулам студэнцтва зрабілася такім, як і грамадства. У цэлым, гэта непратэстная і досыць канфармісцкая група. Канфармізм спецыфічны: людзі намагаюцца дыстанцыравацца ад палітычнай актыўнасці.

Я гісторык, і па праграме  на занятках расказваў пра таемную супольнасць у Віленскім універсітэце ў XIX стагоддзі, якая аб’ядноўвала маладых людзей, што цікавіліся палітыкай. Такую сітуацыю цяжка ўявіць зараз.

Школьная адукацыя таксама далёкая ад ідэалу

У нас вялікія праблемы са школьнай адукацыяй. У мяне ўражанне, што тыя, хто праходзіць школу, не атрымліваюць устойлівых ведаў. Яны атрымліваюць веды, але не ўмеюць з імі абыходзіцца.

Калі казаць пра якасць гуманітарнай адукацыі ў школе, то я мяркую, што, улічваючы сістэму тэставання, гэта досыць фармальна. Сістэма адукацыі мае патрэбу ў рэфармаванні і большай свабодзе. Яна таксама цэнзураваная, як і іншыя сферы жыцця грамадства.

Студэнты мусяць чытаць тэксты, а не інтэрпрэтацыі

А матывацыя да навучання з чым звязаная? З тым, што мне цікава нешта даведацца. І калі б я пажадаў нешта даведацца актуальнае пра падзеі ў Беларусі, то ў сістэме адукацыі не заўсёды здолею гэта атрымаць.

У школьнай адукацыі могуць выкарыстоўвацца толькі падручнікі, узгодненыя з Міністэрствам адукацыі, а большая плюральнасць бы не пашкодзіла. Калі казаць пра ВНУ, то ўвогуле студэнты мусяць чытаць тэксты, а не спецыфічныя інтэрпрэтацыі. Падручнікі ў нас не вытрымліваюць стандарта неангажаванасці.

Сістэма адукацыі кантралюецца, але ёсць асобныя людзі, якія больш вольна камунікуюць са сваімі навучэнцамі. Сама сістэма не працуе на свабоду.

Насамрэч, не непрацуе …ўсё!

Якія плюсы нашай сістэмы адукацыі?

Ілюзія дасягальнасці…

Але насамрэч нам проста страшна ўявіць, што не працуе ўсё, таму мы шукаем плюсы, мінусы, даследуем прыватнасці… Я б сказаў, што сістэма адукацыі прыстасаваная пад тую грамадска-палітычную мадэль, якая стваралася з 1994 году. І калі казаць пра сучасны свет, магчымыя змены, то вялікае пытанне, наколькі гэтая мадэль гнуткая.

Чым розняцца беларускія студэнты і ВНУ ў Беларусі і па-за ёй

Што дае, а што аднімае замежжа ў беларускай адукацыі, распавядае Вольга Шпарага, выкладчыца ЕГУ.

shparaga

Кніжнае эпоха мінае

Ці змяніўся партрэт студэнта за той час, які вы працуеце ў ЕГУ?

Першыя гады, калі мы пераехалі ў Вільню, студэнты былі больш матываваныя. Напэўна, школьны запас ведаў з кожным годам змяняецца: у мінулым годзе ў мяне было адчуванне, што студэнты не ведаюць агульнагуманітарных рэчаў.

Звузіўся колагляд, але даследчыкі звязваюць гэта з тым, што кніжнае эпоха мінае, зараз эпоха сеціва. Няма патрэбы ў энцыклапедычнасці, і ў гэтым няма праблемы. Магчыма, што гэта таксама звязана са спецыялізацыяй, калі людзі больш цікавяцца асобнымі кірункамі.

Атрымліваецца, нашая задача – навучыць крытычнасці, паказаць, што ты не можаш абмежавацца толькі сваёй сферай ведаў, і трэцяе – навучыць разбірацца з плынню інфармацыі. Гэта звязана з тым, як мы вядзем канспекты, дзелім літаратуру на першасную і другасную, чытаем на замежных мовах.

Зазор між атрыманымі ведамі і прафесійнымі абавязкамі

Ці мусіць студэнт, прыйшоўшы пасля ВНУ, быць здольным адразу ўключыцца  ў працэс працы?

Ёсць зазор між атрыманымі ведамі і тым, што трэба на працоўным месцы. Гэтая праблема існуе паўсюль, напрыклад, у Германіі. У гэтым няма нічога страшнага. Моладзь мусіць быць адкрытая атрымаць навыкі, а працадаўца мусіць быць гатовы да пераходнага перыяду.

Грамадзянская пазіцыя і праблемы з самакіраваннем

Што вы можаце сказаць пра матывацыю студэнтаў, якія прыходзяць да вас?

Мне падаецца, з гэтым ёсць праблема. Але ў выпадку ЕГУ гэта звязана з нявызначанасцю яго місіі: гэта ўсё ж універсітэт для атрымання адукацыі і інтэграцыі ў еўрапейскі кантэкст ці для атрымання ведаў, якія звязаныя з наяўнасцю грамадзянскай пазіцыі і прывязкай да Беларусі. Нават, калі працуеш за яе межамі.

І ў ЕГУ з аднаго боку кажуць пра грамадзянскую пазіцыю, а з іншага, ёсць праблемы з самакіраваннем. Гэта размытасць місіі зніжае матывацыю.

Аналіз беларускіх феноменаў

Мне падаецца, у нас атрымліваецца навучыць крытычнасці мыслення, і менавіта дзякуючы працы з першакрыніцамі, калі мы не пераказваем лекцыі, а самі чытаем тэксты.

І гэта звязана з каштоўнаснай сістэмай, сацыяльнай крытыкай: падазрэнне да масавай культуры, сістэм рэпрэзентацыі і рэкламы, ад сістэмы моды да палітычнага выбара.

Яшчэ адзін плюс ЕГУ – прывязка да Беларусі і аналіз феноменаў. Можна называць рэчы сваімі імёнамі. Можна казаць пра палітзняволеных, можна пра праблемы публічнай сферы. Пытанне канешне, наколькі гэта робяць.

Чым розняцца беларускія студэнты і ВНУ ў Беларусі і па-за ёй

Чым студэнты ЕГУ адрозніваюцца ад беларускіх?

Студэнты звычайна кажуць, што колаглядам, не толькі новыя веды, але і іх вопыт за межамі Беларусі – гэтага ў Беларусі не хапае.

Зараз адбываюцца транфармацыі, але яшчэ некалькі год таму мы самі фармулявалі курсы, якія чытаюцца. Немагчыма такое ў БДУ, там ёсць абавязковыя курсы.

У нас больш семінарскіх заняткаў, лекцый мінімальная колькасць, і яны пабудаваныя на працы  з першакрыніцамі. Студэнты вельмі шмат пішуць – не адна выніковая праца, а шмат і рознага фармату – і гэта тое, за што іх цэняць.

Магчыма, таксама адрознівае міжнародны кантэкст. У нас не менш за 20% выкладчыкаў з-за мяжы. Бывае, што замежны даследчык прадстаўляе сваё даследванне знутры свайго сацыяльнага кантэкста.

Аўтар: Ганна Валынец

Крыніца: www.ampby.org

Pin It on Pinterest